karta_vetra (karta_vetra) wrote in addis_abeba,
karta_vetra
karta_vetra
addis_abeba

ADDIS ABEBA. МІНУЛАЕ МАГЧЫМАЕ?!.

перадрукавана адсюль

Абазнаныя кажуць, што ў Беларусі з Этыёпіяй толькі адна агульная сьвятыня – Адыс-Абэба. Сталіца Этыёпіі дала назву самаму культаваму менскаму клюбу 90-х гг., які, у сваю чаргу, “выпусьціў у сьвет” безьліч талентаў і проста харошых людзей. Потым, ясна, быў зачынены. Але нядаўна ўжо другая спроба аднавіць мінулае адбылася ў Менскім клюбе Fabrique.

Цяпер падаецца, што ўсё, што было зьвязаным з “Адыс-Абэбай” ці адбывалася там – касьмічная фантастыка. Cамы шматлюдны клюб – насупраць самага галоўнага будынку гораду – раз. Аўтобусы, якія ўначы, пасьля заканчэньня тусы ў “Піянэры”, везьлі бясплатна (!) усіх ахвочых працягваць банкет у кінатэатар “Салют” на рэйв-паці – два. На працягу амаль што двух год – тры.

Арганізавалі гэта і каардынавалі ўсім гэтым вясёлым бязладзьдзем “Дзеці сонца”. Кажуць, такіх насычаных праграмаў вечарын з канца 90-х і да сёньня так і не было. Чаго варты адзін тэатар “Бамбукі”, пра які цяпер ходзяць легенды! (гл. Ст.4)

“Адыс-Абэба” атабарылася ў кінатэатры “Піянэр”, выратаваўшы апошні ад бюджэтнай сьмерці – кіно ў той час не цікавіла маладых грамадзянаў. Такім жа чынам “падзарабляў” і кінатэатар “Салют”, спэцыялізуючыся на рэйв-паці. Квіткі каштавалі танна, тусы адбываліся пэрыядычна, бар працаваў спраўна. “Адыс-Абэба” выдавала свае клюбныя карты і мела ўласную сыстэму зьніжак.

Арганізацыя праграмы была заснаваная на альтруізьме, ганарар выступоўцаў мог складаць 5 бэ, а мог – бутэльку піва. Аляксей “Хацон” Хацкевіч кажа, што ўсё, што адбывалася, рабілі для сябе, для ўласнага задавальненьня, і ніхто не разьлічваў зарабляць на гэтым бабло. “Галоўнае, каб самім было весела”.



Кажуць, “Адыс-Абэба” была ня проста клюбам, а сапраўдным незалежным рухам з усімі наступствамі – супрацоўніцтва з эўрапейскімі арганізацыямі, мастакі, паэты і іншыя антысацыяльныя элемэнты… Выступала шмат гуртоў, роднасных па духу “абэбаўцам”, было шмат замежных гасцей. Яўген Калмыкоў узгадвае гісторыю пра Amsterdam ballet company: 30 дзядуляў-галяндцаў у драўляных сандалетах, і яшчэ чалавек 15 на хадулях, і яшчэ чалавек 27, якія білі ў бубны. Канцык з удзелам усёй гэтай кампаніі павінен быў адбывацца ў парку Горкага, але пайшоў дождж, і ўсе панесьліся ў “Адыс-Абэбу”. Чарга ў клюб была, як у маўзалей, а згадкі пра гэтую гісторыю да гэтага часу выклікаюць гістэрычны сьмех у сьведкаў.

Пра “Адыс-Абэбу” і “легендарныя 90-я” цяпер з настальгіяй узгадвае амаль кожны прасунуты тагачасны падлетак. Хаця ёсьць людзі, для якіх клюб не зьнікаў ніколі, бо, са словаў адэптаў, “Адыс-Абэба” – гэта сьветапогляд.


Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments